Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Музыка, якая не хавае раны». Неўзабаве распачнецца VIII Міжнародны фестываль музыкі Усходняй Еўропы «Эўфоніі»

06.11.2026 08:11
Фестываль прапануе ад канцэрта, прысвечанага былой палітзняволенай Марыі Калеснікавай, да музыкі славутага ўкраінскага кампазітара Валянціна Сільвестрава.
Аўдыё
  • «Музыка, якая не хавае раны». Неўзабаве распачнецца VIII Міжнародны фестываль музыкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «Эўфоніі»
,    .  VIII
«Музыка, якая не хавае раны». Неўзабаве распачнецца VIII Міжнародны фестываль музыкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «Эўфоніі»nck.pl

Як музыка дапамагае знаходзіць агульнае ў падзеленым рэгіёне? Сёлетнія «Эўфоніі» прапануюць свой адказ: ад канцэрта, прысвечанага былой палітзняволенай рэжыму Лукашэнкі Марыі Калеснікавай, да музыкі легендарнага ўкраінскага кампазітара Валянціна Сільвестрава і заняткаў для дзяцей.

VIII Міжнародны фестываль музыкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «Эўфоніі» пройдзе ў Польшчы з 12 лістапада да 6 снежня пад дэвізам «Залатое злучэнне». Пра яго сэнс, беларускія і ўкраінскія акцэнты ды знаёмства з музыкай рэгіёна размаўляем з каардынатаркай праграмы Наталляй Гжэсіньскай.

— «Эўфоніі» — міжнародны музычны фестываль, які з 2018 года аб’ядноўвае краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Гэта адзін з флагманскіх праектаў Нацыянальнага цэнтра культуры і важны складнік культурнай палітыкі Польшчы. Ён стварае і ўмацоўвае міжнародныя сувязі: культурныя і дыпламатычныя.

Мы прадстаўляем розныя музычныя жанры, аб’яднаныя прыналежнасцю да нашага рэгіёна. Менавіта гэтая рэгіянальная сувязь праходзіць праз усе нашы падзеі і дазваляе разглядаць іх як часткі адной музычнай гісторыі. Фестываль нарадзіўся з жадання запоўніць прагал на культурнай карце Еўропы. Дзесяцігоддзямі мы жылі ў цені заходняй традыцыі, ведалі класікаў з Парыжа ці Вены, забываючыся, што наш рэгіён таксама неверагодна багаты і варты адкрыцця.

Яго музыку вылучаюць глыбінная сувязь з фальклорам, нерэгулярная рытміка, магутны зарад шчырых эмоцый. Сёння заходнюю музыку актыўна прасоўваюць, а цэнтральна- і ўсходнееўрапейскую па-ранейшаму недаацэньваюць. Фестывалем мы хочам паказаць, што яна такая ж важная і каштоўная, і падзяліцца ёю.

Калі не памыляюся, сёлетні дэвіз — «Залатое злучэнне». Які сэнс вы ў яго ўкладаеце? Як я прачытаў, гэтае паняцце звязана з Усходам, Японіяй, мастацтвам аднаўлення разбітага посуду. Чаму сёлета «Эўфоніі» звяртаюцца да публікі менавіта з такім дэвізам?

— Сапраўды. «Залатое злучэнне» адсылае да кінцугі — мастацтва злучаць аскепкі керамікі з дапамогай золата. Гэтая метафара трапляе ў самае сэрца цэнтральнаеўрапейскага досведу: гісторыя неаднаразова разбівала наш рэгіён войнамі і перасоўваннем межаў.

У філасофіі кінцугі расколіны не хаваюць: іх запаўняюць золатам, падкрэсліваюць, ствараючы новую, яшчэ прыгажэйшую цэласнасць. У нас такім залатым злучэннем стагоддзямі былі культура і музыка. Нашае пасланне — маніфест надзеі і салідарнасці ў часы глабальнай трывогі.

Цудоўны прыклад — твор Зыгмунта Краўзэ «Паспрабуй апяваць скалечаны свет», які ўпершыню прагучыць на фестывалі. Ён натхнёны аднайменным вершам Адама Загаеўскага. Замест таго каб апускаць рукі перад расколінамі сучаснасці, мы праз музыку, праз гучанне аркестра ператвараем боль у золата — у гаючае пасланне прыгажосці.

Ідэяй сёлетніх «Эўфоній» мы хацелі расказаць пра музыку, здольную будаваць масты і дапамагаць знаходзіць надзею ў найцяжэйшыя моманты нашай супольнай гісторыі.

Сёння ў Цэнтральнай Еўропе гэтыя расколіны асабліва заўважныя: Беларусь апынулася па той бок жалезнай заслоны, ва Украіне ідзе вайна. Ці прадстаўленыя на сёлетніх «Эўфоніях» творцы з Беларусі і Украіны?

— Прадстаўленыя і творцы, і прысвечаныя людзям з гэтых краін творы. Адразу згадваецца Канцэрт для флейты з аркестрам Эльжбеты Сікоры, адным з замоўцаў якога выступіў фестываль «Эўфоніі». У Варшаве ён упершыню прагучыць 28 лістапада.

Канцэрт прысвечаны беларускай флейтыстцы і апазіцыянерцы Марыі Калеснікавай. Гэта сімвал адвагі, еднасці і супольнага імкнення мастакоў усяго свету да справядлівасці.

На канцэрце Baltic Neopolis Orchestra прагучыць твор Валянціна Сільвестрава, аднаго з найважнейшых украінскіх кампазітараў. Штогод мы імкнёмся знаёміць слухачоў з яго музыкай. Некалькі гадоў таму мелі гонар прымаць яго на фестывалі: тады яму ўручылі залаты медаль «За заслугі перад культурай Gloria Artis». Для нас гэта была магчымасць ушанаваць чалавека, чыя творчасць займае такое важнае месца ў культуры нашага рэгіёна.

Мы ўключаем у праграмы важныя для нашай цэнтральнаеўрапейскай культуры творы польскіх, украінскіх, беларускіх кампазітараў, спалучаючы іх з музыкай іншых аўтараў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

«Эўфоніі» — гэта таксама шмат спадарожных падзей. У праграме мяне зацікавілі прапановы для найменшых слухачоў. Раскажыце, калі ласка, што вы падрыхтавалі для дзяцей і якія яшчэ падзеі суправаджаюць фестываль?

— У нас сапраўды ёсць асобны кірунак — «Малыя Эўфоніі», прысвечаны дзецям. Гэта нават хутчэй майстар-класы, чым канцэрты: мы заахвочваем наймалодшых адчуць музыку. Гэта іх першыя крокі, першае знаёмства з культурай і музыкай. Хочам адкрываць ім культуру Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Дзеці школьнага ўзросту могуць паспрабаваць сябе ў ролі рэпарцёраў. Яны наведваюць «дарослыя» канцэрты, вучацца пісаць рэцэнзіі, атрымліваюць магчымасць пагутарыць з артыстамі, кампазітарамі ці дырыжорамі. Так яны знаёмяцца з музыкай і праз уласныя ўражанні, і праз размовы з людзьмі, якія яе ствараюць ды выконваюць. Мы імкнёмся, каб дзеці любога ўзросту маглі пазнаёміцца з праграмай фестывалю і знайсці ў ёй нешта сваё.

Спадарожных падзей сапраўды шмат. Будуць дыскусіі пра творы з праграмы, у прыватнасці пра оперу «Чароўная гара» на музыку Паўла Мікіціна ў пастаноўцы Анджэя Хыры.

Пакажам і фільм пра Дзьёрдзя Куртага — аднаго з ключавых кампазітараў сёлетніх «Эўфоній», якому споўнілася сто гадоў. Мы падрыхтавалі праект  «Kurtág | Kafka | Kaffka», дзе прагучыць ягоны знакавы твор «Kafka-Fragmente». Каб слухачам было лягчэй зразумець гэтую музыку, прапануем таксама фільм пра жыццё і творчасць кампазітара.

Запланавана і праслухоўванне альбома Паўла Шыманьскага «Margaret’s Toy» з яго творамі ў выкананні клавесіністкі Малгажаты Сарбак. Гэта наш супольны праект з Польскім радыё.

Разам з Польскім музычным выдавецтвам ладзім аўтарскія сустрэчы. Перад выкананнем маштабных твораў Кшыштафа Пендэрэцкага ці Гурэцкага хочам пазнаёміць публіку з кантэкстам, каб дапамагчы глыбей зразумець гэтыя творы. Такое ўвядзенне дазваляе падрыхтавацца да сустрэчы з музыкай і больш уважліва яе пачуць. Сустрэчы вядуць рэпарцёры і журналісты часопіса «Ruch Muzyczny» ды Польскага музычнага выдавецтва.

Слухайце аўдыё!

эж

«Мы маем справу з тэрарыстам». У Польшчы прэзентавалі кнігу «Архіпелаг Беларусь. Успаміны былых палітычных вязняў»

07.07.2026 13:33
Мэта выдання — зафіксаваць асноўныя рысы сучаснай рэпрэсіўнай сістэмы, створанай рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

«Палякі не ўсведамляюць маштаб рэпрэсій у Беларусі» — польская публіцыстка

26.07.2026 08:11
Кіраўніца праграмы Gaude Polonia тлумачыць, чаму падтрымка беларускіх творцаў насуперак рэпрэсіям застаецца неабходнай для будучыні беларускай культуры.